Фотарэпартаж са свята, якога магло не быць. Добраўпарадкаванне Котаўкі блізіцца да завяршэння

У чацвер, 5 ліпеня, у мінскім скверы Котаўка прайшло чарговае мерапрыемства ў рамках рэалізацыі задумы па добраўпарадкаванні гэтай невялікай зялёнай зоны. Бадай гэта ўжо шостая сустрэча экалагічных актывістаў і ўрбаністаў з мясцовымі жыхарамі пасля таго, як зімой 2016 года Котаўку ўдалося адстаяць ад забудовы.

У вечары на ніжняй пляцоўцы сквера Котаўка сабралася ля 10 чалавек — прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Экадом«, Мінскай урбаністычнай платформы і зацікаўленыя мясцовыя жыхары.

На двух раскладных сталах як заўжды размясціліся тэрмасы з кіпнем для чая, печыва і пачастункі, а таксама драўляны макет і з архітэктурна-ландшафтнай канцэпцыяй сквера.

Пакуль дарослыя абмяркоўвалі будучыя пераўтварэнні, літаральна праз сцяжынку, на імправізаваным фудбольным полі, малых дзетак і падлеткаў забаўлялі аніматары. І чым ніжэй сядала сонца ў дрэвы, тым больш ажывала Котаўка, паступова запаланяючыся сабакамі, што наярывалі кругі вакол актывістскай кампаніі.

Новае ажыўленне свята пачалося з «прыездам» канструкцый пад лавачкі. Вакол паўкругавых элементаў сабраўся з дзесятак людзей, што талакой узяліся ўсталёўваць іх вакол разгалістых дрэваў. За вечар атрымалася паставіць тры лавачкі, бо ўсё ж гэта вымагала не толькі фізічных выселкаў, але і кемлівасці. Спатрэбілася і ландшафтна-занальнае веданне сквера пры выбары месца пад элементы добраўпарадкавання.

Так, адзін з іх усталявалі на ніжняй пляцоўцы, ля фудбольнага поля, каб дарослым было зручна прыглядаць за дзецьмі і пры гэтым не знаходзіцца на сонцапёку ў летні дзень. Другая лавачка знайшла сваё месца на ўзгорку, з якога адкрываюцца неверагодныя краявіды сквера для аматараў эстэтычнага адпачынку.

І трэцюю — замацавалі ля горкі, зноў жа з практычнага пункту гледжання, каб бацькам было дзе прытуліцца ў час дзіцячых забавак.

І ўсё падавалася ў гэты вечар было напоўнена агульным настроем станоўчых пераўтварэнняў і дзіцячым смехам, калі б не адно але… Свята праходзіла пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі, траіх патрульных і чалавека ў штацкім, якія прыбылі ў сквер за гадзіну да пачатка мерапрыемства.

Справа ў тым, што яшчэ раніцай чацвярга актывісты атрымалі «забарону» ад адмінсітрацыі Савецкага раёна на правядзенне сустрэчы з мясцовымі і свята для дзяцей у Котаўцы. Па словах чыноўнікаў, усе падобныя дзеянні патрапляюць пад паняцце масавых мерапрыемстваў і павінна быць узгодненна Мінгарвыканкамам.

Вядома, такога кшталту заяўленне выклікала непаразуменне ў актывістаў, бо, як яны зазначаюць, усе папярэднія мерапрыемствы: абмеркаванні канцэпцыі развіцця сквера, прыборківысадкі насаджэнняўусталяванне шпакоўняў — не выклікалі такой рэакцыі ў чыноўнікаў. Чаму ж зараз адміністрацыю так зачапіла слова «свята» застаецца толькі здагадвацца.

Аднак ад своёй задумы актывісты вырашылі цалкам не адмаўляцца, выкрасліўшы з праграмы толькі музычную частку.

«З аднаго боку нам сказалі курыраваць сквер разам з мясцовай супольнасцю, а з іншага — і рабіць у ім нічога асаблівага нельга, атрымоўваецца. Аднак пасля за сваё ж бяздзеянне на нас будуць сыпацца папрокі… Мы не бачым нічога супрацьзаконнага ў сустрэчах суседзяў з суседзямі, актывістаў з людзьмі, жаданні развіваць свой любімы сквер, парк, самастойна вырашаць ці патрэбна тут лавачка, альбо кусты ці клумба. Няўжо на тое, каб парадаваць дзяцей забаўкамі ці проста папіць чай з людзьмі, патрабуецца дазвол уладаў?«, —  азмрочана разважаюць актывісты.

Хрысціна Чарняўская, Зялёны партал

Добавить в социальные сети:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Facebook

Добавить комментарий

Лимит времени истёк. Пожалуйста, перезагрузите CAPTCHA.